СПІРТАВА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе этылавы спірт-сырэц і спірт-рэктыфікат з харчовай сыравіны (збожжа, бульбы, мелесу). Асн. спажыўцы этылавага спірту — харч. прам-сць, медыцына, радыёэлектроніка.
На Беларусі ў 19 ст. С.п. займала вядучае месца ў структуры харч. прам-сці. У 1890 у 5 бел. губернях налічвалася 376 спіртзаводаў (вінакурняў). У 1913 працавала 568 спіртавых і рэктыфікацыйных з-даў, на якіх было занята 4,5 тыс. рабочых і выпрацавана 3,7 млн. дэкалітраў спірту. Большасць спіртзаводаў была сканцэнтравана ў сярэдняй паласе, дзе размяшчаліся асн. пасевы бульбы. У 1940 працавала 137 спіртзаводаў, выраблена 7,6 млн. дэкалітраў спірту. Буйнейшымі прадпрыемствамі былі Урэцкі, Багушэўскі, Дземяхоўскі спіртзаводы. У пасляваен. гады колькасць прадпрыемстваў С.п. скарачалася ў сувязі з недастатковасцю сыравіннай базы. У 2000 працавалі 74 прадпрыемствы, у т. л. спецыялізаваныя па вырабе спірту-сырцу (Івацэвіцкі, Бераставіцкі, Бярэзінскі, Хатаўскі, Каўгарскі спіртзаводы), па вырабе спірту-рэктыфікату (Бродніцкі крухмальны з-д, Варанчанскі, Міёрскі, Парэцкі, Урэцкі спіртзаводы). Вытв-сць спірту склала 6,1 млн. (1960), 7,2 млн. (1990) і 10,4 млн. дэкалітраў (2000).
У свеце С.п. найб. развіта ў ЗША, Германіі, Францыі, Канадзе, Вялікабрытаніі. Расіі, Бразіліі, Польшчы.
П.І.Рогач.
т. 15, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)